Учебно-издательский центр БГПУ

Новости центра

Новости университета

История центра

E-mail Печать PDF

БДПУ быў нададзены статус вядучай педагагічнай установы ў сістэме нацыянальнай адукацыі. Пераход на больш адказную ступень навучання патрабаваў і больш якаснага падыходу да выдання навуковай і вучэбнай літаратуры. Загадам рэктара ўніверсітэта ад 11 ліпеня 2001 года на аснове рэарганізацыі рэдакцыйна-выдавецкага аддзела і лабараторыі множыльнай тэхнікі быў створаны Вучэбна-выдавецкі цэнтр, у структуру якога ўвайшлі чатыры падраздзяленні: рэдакцыйны аддзел, аддзел набору і вёрсткі, лабараторыя множыльнай тэхнікі, аддзел выдавецкіх і паліграфічных паслуг.

Cёння ў цэнтры працуюць 33 высокакваліфікаваныя спецыялісты: рэдактары, карэктары, інжынеры-праграмісты, аператары электроннага набору і версткі, тэхнікі, друкары, пераплётчыкі.

Як кажуць, тэатр пачынаецца з гардэробу, у нас працэс выхаду кнігі ў свет пачынаецца з самай адказнай працы рэдактароў. У рэдакцыйным аддзеле спачатку прымаюць рукапіс, потым уносяць рэдактарскія праўкі, вычытваюць карэктуру, супрацоўнічаюць з аўтарамі. У аддзеле працуюць рэдактары і карэктары з вышэйшай прафесіянальнай адукацыяй.

У структуру рэдакцыйнага аддзела ўваходзіць і рэдакцыя часопісу «Весці БДПУ», які выдаецца ў БДПУ з 1994 года. Часопіс «Весці БДПУ» уключаны ў пералік навуковых выданняў ВАК Рэспублікі Беларусь. Са студзеня 2004 года часопіс пачаў выходзіць у трох серыях, што дазволіла публікаваць матэрыялы па навуковых накірунках, павялічыць колькасць аўтараў.

  • Серыя 1. Педагогіка. Псіхалогія. Філалогія;
  • Серыя 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія;
  • Серыя 3. Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка. Біялогія. Геаграфія.

Падпісацца на часопіс «Весці БДПУ» можна ў аддзяленнях Белпошты і непасрэдна ў рэдакцыі.

Аддзел набору і вёрсткі ўзначальвае Аляксандр Анатольевіч Пакала, выпускнік матэматычнага факультэта нашага універсітэта. Тут працуюць вопытныя вярстальшчыкі і тэхнічныя рэдактары, якія ствараюць арыгінал-макеты кніг, распрацоўваюць вокладкі.

Сёння тэхнічная база ВВЦ адпавядае патрэбам сучасных тэхналагічных працэсаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці. На паліграфічным абсталяванні друкуецца як чорна-белая, так і поўнакаляровая прадукцыя. Універсітэтам для ВВЦ былі закуплены новая камп'ютэрная тэхніка (якая дазволіць больш хутка працаваць з поўнакаляровымі вокладкамі), ксеракапіравальныя апараты для аказання платных паслуг; парк абсталявання папоўніўся рызографам (памнажальная тэхніка, якая выкарыстоўваецца ў аператыўнай паліграфіі), паперарэзальным міністанком, лістападборшчыкам. Усім паліграфічным працэсам кіруе ў лабараторыі множыльнай тэхнікі ВВЦ вельмі вопытны паліграфіст са стажам працы больш за 30 гадоў – Ірына Фёдараўна Траццякова.

Аддзел выдавецкіх і паліграфічных паслуг, які знаходзіцца ў 130 кабінеце корпуса № 3 (вул. Савецкая, 18), выконвае задачы па аказанні ксеракапіравальных і камп'ютарных паслуг студэнтам і выкладчыкам універсітэта, тыражыраванні службовай дакументацыі для падраздзяленняў БДПУ. Узначальвае аддзел Аксана Віктараўна Валюк. У штат гэтага аддзела ўведзена пасада маркетолага, які займаецца вывучэннем попыту на выдадзеную ў нашым цэнтры літаратуру. 

Кнігі, выдадзеныя ў нашым цэнтры, сёння можна сустрэць на кніжных паліцах Цэнтральнага кніжнага магазіна, магазінах Акадэмкнігі, Падпісныя выданні, Лаўка пісьменніка, Ноты, кніжных кіёсках БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, але асноўная частка тыражу рэалізоўваецца праз кіёск Бібкалектара , які знаходзіцца у галоўным корпусе БДПУ.

Мы імкнемся да таго, каб уся літаратура, якая выдаваецца ў Вучэбна-выдавецкім цэнтры, была цікавай для студэнтаў і выкладчыкаў, адпавядала сучасным навуковым даследаванням і тэхналогіям.

 
Вы здесь: Главная О нас История